Рус Бел Eng

Праект указа аб сістэмным скарачэнні колькасці адмінпрацэдур падрыхтаваны ў Беларусі

15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект указа Прэзідэнта аб сістэмным скарачэнні колькасці адміністрацыйных працэдур падрыхтаваны ў Беларусі. Аб гэтым паведаміў першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі сёння на пасяджэнні рабочай падгрупы па сістэмным скарачэнні колькасці адміністрацыйных працэдур і ліцэнзуемых відаў дзейнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.


Як растлумачыў Васіль Мацюшэўскі, сутнасць сённяшняй сустрэчы ва ўрадзе - абмеркаваць праект указа для яго далейшай адпрацоўкі зацікаўленымі міністэрствамі, ведамствамі і бізнесам. Асноўная мэта ўказа - аптымізацыя і скарачэнне адміністрацыйных працэдур. Дакумент папярэдне атрымаў назву "Аб сістэмным скарачэнні колькасці адміністрацыйных працэдур", аднак у ім ідзе размова не толькі аб самім скарачэнні, звярнуў увагу першы віцэ-прэм'ер. "За апошні час рабочая група на чале з Ірынай Касцевіч правяла вельмі значную работу. Ужо ёсць прапановы па скарачэнні 21 працэдуры. Не менш важна і тое, што прапанаваны крыху іншыя падыходы да работы, звязанай з жыццёвым цыклам адміністрацыйных працэдур. Гэтыя прапановы фармалізаваны ў праекце ўказа кіраўніка дзяржавы", - адзначыў Васіль Мацюшэўскі.


Аб дэталях абмяркоўваемага дакумента расказала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, якая да гэтага працавала на пасадзе намесніка міністра эканомікі і курыравала работу па скарачэнні колькасці адмінпрацэдур. Ірына Касцевіч нагадала, што ажыццяўленне адміністрацыйных працэдур рэгулюецца шэрагам нарматыўных прававых актаў - цяпер усю гэту інфармацыю прапануецца акумуліраваць у адным указе. "Мы ўвесь 2016 год працавалі над скарачэннем адмінпрацэдур, і гэта было даволі складаным, паколькі не ўсе прапановы бізнесу былі падтрыманы шэрагам органаў дзяржкіравання. За 2016 і два месяцы 2017 года мы скарацілі 41 адміністрацыйную працэдуру, але пры гэтым прыраслі новымі", - канстатавала міністр.


"Каб правесці сапраўды сістэмную работу, трэба прымусіць кожны орган дзяржкіравання адпрацаваць свае адміністрацыйныя працэдуры і ўнесці прапановы па іх адмене або захаванні. Калі мы гаворым, што працэдура патрэбна, то яе трэба спрасціць - гэта датычыцца пакета падаваемых дакументаў, тэрмінаў праходжання і кошту адмінпрацэдур", - адзначыла яна.


Такім чынам прапануецца правесці інвентарызацыю кожнай адміністрацыйнай працэдуры. "Калі дзяржорган не правядзе работу для перанясення адмінпрацэдуры ў праект указа Прэзідэнта, то яна страціць сваю юрыдычную сілу. Калі дзяржорган гаворыць аб тым, што працэдуру трэба захаваць, ён павінен даказаць такую неабходнасць. Гэта вельмі складаная і маштабная работа, але яе неабходна правесці", - пераканана Ірына Касцевіч.


Каб работа па скарачэнні колькасці адмінпрацэдур была сапраўды эфектыўнай, прапануецца ўвесці адносна іх прынцып: адну ўводзіш - дзве адмяняеш. "З 2012 года ўведзена больш за 200 адміністрацыйных працэдур замест паэтапнага скарачэння і зніжэння нагрузкі на бізнес. Таму прапануем увесці даволі, на мой погляд, жорсткі прынцып: адну ўводзіш - дзве адмяняеш. Такі своеасаблівы шлагбаум павінен быць, каб рэгуляваць колькасць адміністрацыйных працэдур", - растлумачыла Ірына Касцевіч.


Прынцыпова важным міністр назвала стварэнне рэестра адміністрацыйных працэдур. Прадугледжваецца таксама стварыць сэрвіс, які акумуліруе ўсю інфармацыю аб адміністрацыйных працэдурах - куды неабходна звяртацца бізнесу для іх выканання, у якія тэрміны і г.д. Большасць адмінпрацэдур з рэестра перавядуць у электронны выгляд - да 2020 года такіх працэдур павінна быць 75 працэнтаў.


У цэлым работа па ўдасканаленні кантрольнай дзейнасці і выключэнні залішніх патрабаванняў, што прад'яўляюцца да бізнесу, у самым разгары, растлумачылі журналістам прадстаўнікі Мінэканомікі і бізнес-супольнасці, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні падгрупы ва ўрадзе. Усе тэматычныя падгрупы рыхтуюцца перадаць акумуліраваныя прапановы ў асноўную рабочую групу.


Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў звярнуў увагу, што аб аб'ёме работы сведчыць ужо тое, што дзелавая супольнасць падрыхтавала больш за 500 старонак прапаноў. "Гэта ініцыятывы рознага ўзроўню. Дзелавая супольнасць праяўляе вельмі вялікую актыўнасць і зацікаўленасць, да гэтай работы падключыліся і рэгіёны, - растлумачыў ён. - Самыя балючыя для бізнесу пытанні, якія будуць вырашацца ў новых дакументах, - гэта кантрольна-наглядная дзейнасць, штрафы". Так, бізнес прапануе паскорыць прыняцце новага КоАП, у якім адказнасць за эканамічныя правапарушэнні будзе вызначацца з улікам ступені цяжкасці правапарушэння, грамадскай небяспекі.


Дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Пётр Арушаньянц адзначыў, што галоўнай задачай застаецца радыкальнае зніжэнне нагрузкі на бізнес. "Трэба максімальна ўстараніць адміністрацыйны цяжар, які не прыносіць карысці ні бізнесу, ні дзяржаве, ні ў цэлым эканоміцы краіны. Работа па ўдасканаленні працэдур ліцэнзавання, тэхнічных рэгламентаў праводзіцца пастаянна, але цяпер мы назіраем па сутнасці беспрэцэдэнтную работу па сваіх маштабах дзяржорганаў па пераглядзе нагрузкі на бізнес", - сказаў ён.


Што датычыцца тэрмінаў, то да 20 сакавіка прапановы ўсіх падгруп павінны быць сабраны і перададзены ў асноўную групу, якая і разгледзіць напрацоўкі. "Агульная карціна нашай работы будзе зразумела да 20 сакавіка. Некаторыя патрабаванні будуць адмяняцца, пэўныя працэдуры прапануецца істотна спрасціць, перавесці іх з катэгорыі абавязковых у добраахвотныя. Прадстаўнікі Мінэканомікі ўваходзяць у большасць створаных падгруп, і ўжо цяпер можна сказаць аб сапраўды радыкальных падыходах для зніжэння нагрузкі на бізнес", - рэзюмаваў Пётр Арушаньянц.


Крыніца : belta.by

15.3.2017

Комментарии

Чтобы оставить комментарий войдите или зарегистрируйтесь в ситеме.